Але калі пад час такіх здарэнняў абрываецца жыццё блізкіх, сяброў ці калег, па-сапраўднаму адчуваеш боль. Тады трагічны выпадак і смерць кранае да глыбіні душы. Бо не хочацца верыць і змірыцца, што гэтага чалавека больш ніколі не ўбачыш.
Аляксандр Навіцкі, уражэнец Ганцавіцкага раёна, на фургончыку развозіў па гарадах і вёсках марожанае. У суботу 18 мая 2024 года быў яго чарговы і апошні рэйс…
Некалі Саша быў нашым калегай – працаваў спецыялістам па рэкламе ў рэдакцыі газеты “Ганцавіцкі час”. З яго вясёлым характарам ён з лёгкасцю знаходзіў паразуменне нават са складанымі і не вельмі гаваркімі кліентамі. Напэўна, такога кампанейскага, дабрадушнага і вясёлага чалавека, не часта пашчасціць сустрэць. Невысокі і вельмі дужы хлопец (бо меў разрад па паўэрліфтынгу), заўсёды быў душой кампаніі.
Папрацаваў Аляксандр у газеце некалькі гадоў. На той час хлопец хацеў паспрабаваць сябе і працаўладкаваўся па сваёй асноўнай прафесіі – аграномам. Але лёс Аляксандра склаўся так, што пазней пераехаў ў Мінск і пайшоў працаваць вадзіцелем.
Як нам стала вядома, дарожна-транспартнае здарэнне адбылося непадалёк ад вёскі Васілеўшчына на 128 км аўтадарогі М-4 «Мінск-Магілёў”. ДАІ Бярэзінскага раёна паведаміла, што прыкладна каля 17.20 гадзін, вадзіцель 1990 года нараджэння на грузавіку «ДАФ» рухаўся ў папутным напрамку ў бок Мінска і ўрэзаўся ў аўтамабіль, за рулём якого быў Аляксандр Навіцкі.
Па адной з версій, на хуткасці “ДАФ” урэзаўся ў “ГАЗ”, пасля чаго аўтамабіль выкінула з дарогі на абочыну. Вадзіцель фургончыка выпаў з кабіны і патрапіў пад свой аўтамабіль. Ад траўм, якія атрымаў Аляксандр, ён загінуў на месцы ДТЗ.
Як так здарылася, што адбылося сутыкненне са смяротным зыходам, прыйдзецца ўстанавіць следчым і экспертам. Толькі жыццё маладога мужчыны ўжо не вернеш. І маленькі сын, якога Саша неймаверна любіў, больш ніколі не ўбачыць бацьку…