У Баранавіцкай дзіцячай гарадской бальніцы з’явіўся гульнявы пакой з сучасным інтэр’ерам і казачным афармленнем. Крэатыўная прастора прызначана для вучобы, чытання, творчасці і гульняў. Дзеці могуць адыйсці ад бальнічнай абстаноўкі і хутчэй ісці на папраўку па стане здароўя.
Гульнявы пакой знаходзіцца ў педыятрычным аддзяленні для дзяцей з пульманалагічнымі захворваннямі. Пакой вялікі: ён мае плошчу 40 квадратных метраў. Больш за месяц адбываўся рамонт: тут цалкам абнавілі памяшканне, замянілі вокны і падлогавае пакрыццё, устанавілі новую мэблю.
У выніку стварылі розныя зоны — для творчасці, сумесных гульняў і чытання. Таксама прадумана і секцыя для дашкалят — з маленькімі стульчыкамі і столікам. Дзеці могуць заняць сябе мяккімі цацкамі або развіваючымі гульнямі. Апроч адпачынку і гульняў у пакоі можна вучыцца. Прадугледжана некалькі сталоў-трансформераў для заняткаў, якія будуць праводзіць школьныя настаўнікі.
У аддзяленні адначасова лечацца 40 юных пацыентаў узростам ад 3 да 18 гадоў. На працягу года лячэнне атрымліваюць больш за 1000 дзяцей.
«У ідэале медыцына павінная быць накіравана не толькі на лячэнне захворванняў, але і на стварэнне спрыяльных умоў для пацыента. Гэта асабліва важна, калі гаворка ідзе пра дзяцей», – адзначае галоўны доктар Баранавіцкай дзіцячай гарадской лякарні Эльміра Багдановіч
У аддзяленні працуюць педагог-выхавальнік і псіхолаг, але вось такога гульнявога пакоя не хапала. Лекары ўпэўненыя, што ён зробіць знаходжанне дзяцей у шпіталі больш камфортным і палепшыць працэс выздараўлення.
Усе працы праводзілі на аснове дызайн-праекта з улікам патрабаванняў па арганізацыі прасторы для дзяцей. У прыватнасці, пры аздабленні выкарыстоўвалі матэрыялы, якія адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам. Для большага камфорту дзяцей пакой абсталявалі кандыцыянерам, а для прагляду мультфільмаў устанавілі тэлевізар.
Інтэр’ер выкананы паводле «Паравозіка з Рамашкова» – вядомага савецкага мультфільма. Персанаж выбраны невыпадкова: добры і наіўны Паравозік вучыць знаходзіць прыгожае ў самых звычайных і паўсядзённых рэчах. Ён будзе сустракаць гасцей гульнявога пакоя і разам з імі радавацца новаму дню.
Ідэя стварэння гульнявых пакояў у дзіцячых установах аховы здароўя належыць кампаніі BREMOR. Раней такія пакоі з’явіліся ў 3-й гарадской дзіцячай бальніцы Мінска і Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы.
«Мы рады, што наш праект па ўладкаванні гульнявых пакояў у дзіцячых бальніцах жыве», — распавяла намеснік дырэктара па маркетынгу кампаніі BREMOR Алеся Еліна.
Яна адзначыла, што для кожнага пакоя распрацаваны ўнікальны дызайн з улікам усіх патрабаванняў і пажаданняў. Важна, што ў напаўненні гульнявога пакоя ўдзельнічалі і супрацоўнікі кампаніі. Многія перадалі цацкі і кнігі для дзіцячай бібліятэкі.
«Мы шчыра спадзяемся, што ўсё гэта падніме дзецям настрой і дапаможа ім хутчэй паправіцца», — дадала Алеся Еліна.