У Беларусі у 2024 годзе зменяцца правілы прыема ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. У Міністэрстве адукацыі запэўніваюць, што навацыі прадугледжваюць стварэнне роўных празрыстых умоў для абітурыентаў. Таксама ставіцца на мэце павышэнне аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў, упарадкаванне адбору на мэтавую падрыхтоўку. Такім чынам улады хочуць стварыць дадатковыя магчымасці для паступлення таленавітай і матываванай моладзі.
Як адзначылі ў міністэрстве, выпускнікі школ усё большую цікавасць праяўляюць да мэтавай падрыхтоўкі. Фармат уступнай кампаніі для такіх абітурыентаў сёлета не зменіцца: яго зацвердзяць да 1 траўня.
«Ніякіх абмежаванняў па форме ўласнасці арганізацый — дзяржаўныя або прыватныя — няма. У нас роўныя ўмовы створаны для ўсіх», — пазначыў прадстаўнік міністэрства Сяргей Пішчоў.
Вядомыя даты падачы дакументаў — з 27 чэрвеня па 2 ліпеня. Правядзенне ўступнага іспыту запланавана з 4 па 10 ліпеня, а залічэнні — па 12 ліпеня. Адна з найбольш прыкметных асаблівасцей уступнай кампаніі – пашырэнне магчымасцей для медалістаў і паспяховых выпускнікоў каледжаў. Такія абітурыенты змогуць паступаць без іспытаў практычна на ўсе спецыяльнасці ў рэгіянальныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выключэнне тычыцца спецыяльнасцяў “Міжнародныя адносіны”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”, “Усходазнаўства”.
Выпускнікоў профільных класаў залічаць па выніках сумоўя на адпаведную спецыяльнасць. Выдзелена пяць напрамкаў: педагагічныя, аграрныя, ваенна-патрыятычныя, спартыўна-педагагічныя, інжынерныя. Апошнія змогуць скарыстацца магчымасцю паступлення па сумоўі ў 2025 годзе. Менавіта ў наступным годзе будзе іх першы выпуск.
Важная навіна гэтага года: кожны, хто здасць цэнтралізаваны іспыт сёлета, зможа ўбачыць запоўнены бланк у асабістым электронным кабінеце ўдзельніка ЦЭ. Таксама там апублікуюць адказ міністэрства на звароты ўдзельнікаў выпускных выпрабаванняў, якія жадаюць зверыць свае адказы. Дзеля гэтага неабходны толькі нумар бланка і ключ ад асабістага электроннага кабінета.
У 2024 годзе змяніліся і тэрміны ўступнай кампаніі для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Напрыклад, для абітурыентаў пасля 9 класа прыём дакументаў на платную форму скарочаны на адзін дзень. Цяпер ён будзе з 20 ліпеня па 13 жніўня: раней дакументы прымалі па 14 жніўня.
Калі такі абітурыент паступае на бюджэт, то для яго тэрміны прыёму дакументаў не змяніліся. Яны будуць ад 20 ліпеня да 3 жніўня. Абітурыенты, якія паступаюць на бюджэт пасля 11 класаў школы або прафтэхвучылішча, могуць падаваць дакументы з 20 ліпеня па 6 жніўня (раней было па 12 жніўня).
Менш часу будзе, калі пасля 11 класаў былы школьнік паступае ў каледж на платнае. Падаць заяву можна з 20 ліпеня па 13 жніўня (раней гэта дазвалялася да 20 жніўня). Калі трэба здаваць іспыты, дакументы прымаюць па 6 жніўня (замест ранейшага тэрміна па 12 жніўня).
Чытайце таксама:
В Беларуси стало больше специальностей, на которые можно поступить без экзаменов