Памежную заставу ў вёсцы Ласіцк Пінскага раёна плануюць сёлета пабудаваць на беларуска-украінскай мяжы. Паводле звестак на сайце дзяржаўных закупак, на будаўніцтва заставы хочуць выдаткаваць 24 715 436 рублёў. Згодна з дакументамі, работы плануюць пачаць ужо ў маі, а скончыць у кастрычніку 2025 года.
Па стане на 2019 год, у вёсцы Ласіцк пражывала 439 чалавек. За шэсць кіламетраў на поўдзень ад яе праходзіць мяжа з Украінай.
Памежная застава — асноўны падраздзел памежных войскаў, які ўваходзіць у склад памежнага атраду або камэндатуры. Застава выконвае задачы беспасярэдняй і бесперапыннай аховы пэўнага ўчастку дзяржаўнай мяжы.
Апошнім часам Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі рэгулярна адкрывае новыя або рэканструяваныя памежныя заставы на поўдні.
Так, 16 снежня 2023 года адкрылі заставу «Альманы» Пінскага памежнага атрада. На пачатку лютага сёлета ў Іванаўскім раёне з’явіўся комплекс памежнай заставы «Махро». Яшчэ адзін аб’ект — заставу «Баравое» ў Лельчыцкім раёне – адкрылі 14 сакавіка на ўчастку Мазырскага памежнага атрада. Яе будаўніцтва пачалося ў 2022 годзе ў рамках праграмы «Удасканаленне пагранічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы».