Міністэрства культуры Беларусі накіравала дасье нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Культура беларускай дуды» ў сакратарыят канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА (UNESCO).

Ці прызнаюць беларускую дуду культурнай спадчынай? Адказ на гэтае пытанне чакаюць ад міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА, куды Беларусь накіравала адпаведныя матэрыялы. Яны былі падрыхтаваны ў Мінскім аблвыканкаме ў 2024 годзе пры каардынацыі з Міністэрствам культуры Беларусі.

Беларуская дуда — духавы язычковы інструмэнт, які складаецца са скуранога мяшка, мэлядычнай трубкі (жалейка, перабор). Таксама яна мае адну ці дзве басовыя трубкі (гук, бас ці бурдон), і трубкі для надзіманьня паветра (соска, сапель).

У старабеларускай літаратуры дуда згадваецца з XV стагодздзя. Першыя іканаграфічныя крыніцы дуды ў Беларусі адносяцца да XVI стагодздзя. Тады на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пашырыліся дуды нямецкай канструкцыі. Беларуская дуда распаўсюджана на тэрыторыях Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

У 2023 годзе Міністэрства культуры Беларусі прызнала культуру беларускай дуды нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Зараз ёсць спадзяванне, што яна трапіць і у міжнародны спіс. Дарэчы, у снежні 2022 году ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА уключылі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні».

Чытайце таксама:

Попадет ли Брестская крепость в Список всемирного наследия ЮНЕСКО?