Жыхарка Кобрына пазбавілася ўласнага аўтамабіля “Аўдзі А6”, калі адвезла яго ў рамонт. Звярнуўшыся ў міліцыю, 32-гадовая жанчына патлумачыла, што даўно знаёмая з 25-гадовым вяскоўцам. Раней ён меў судзімасць, але уладальніца аўтамабіля карысталася паслугамі па рамонце. Вырашыла жыхарка Кобрына зрабіць гэта зноў.
У адзін з дзён жанчына прывезла знаёмаму свой аўтамабіль для замены бампера, заплаціўшы 305 рублёў. Грошы былі перададзены ў тым ліку для пакупкі новай дэталі для машыны. Аднак гэтым разам вясковец падмануў уладальніцу “Аўдзі А6” і знік з яе аўтамабілем.
Аператыўнікі Кобрынскага РАУС высветлілі, што мужчына сапраўды ўстанавіў новы бампер. Але далей, скарыстаўшыся даверлівасцю сваёй знаёмай, вырашыў машыну прадаць. Вясковец знайшоў пакупніка і прапанаваў здзейсніць здзелку без удзелу гаспадыні аўто.
Паводле слоў жыхара Кобрынскага раёна, з жанчынай нібыта ўсё дамоўлена і яна гатова ў любы момант пад’ехаць для пераафармлення. Пакупнік пагадзіўся і перадаў маладому чалавеку грошы памерам каля 7200 рублёў. Пасля атрымання сродкаў ашуканец знік, а пацярпелая спрабавала яго знайсці, але пошукі не мелі поспеху.
У аналагічную гісторыю трапіў 37-гадовы жыхар Кобрынскага раёна. Ён таксама звярнуўся з заявай аб тым, што аддаў свой аўтамабіль “Фальксваген Вента”. Мужчына паведаміў, што пазнаёміўся з 25-гадовым вяскоўцам, які займаецца рамонтам транспартных сродкаў. Уладальнік аўто вырашыў скарыстацца паслугамі і прыгнаў сваю машыну для рамонту новаму знаёмаму.
Праз некаторы час мужчына хацеў забраць “Фальксваген” і пачаў тэлефанаваць, каб даведвацца, ці выкананы рамонт. У адказ майстар прыдумляў розныя адгаворкі, спасылаючыся на тое, што машына яшчэ не гатова. Так працягвалася каля двух тыдняў і гаспадар іншамаркі зразумеў, што майстар яго падманвае.
Пасля звароту ў міліцыю высветлілася, што ашуканец зрабіў з чужым аўтамабілем тое самае — перапрадаў машыну. За продаж аўтамабіля вясковец атрымаў 1950 рублёў. Як і ў першым выпадку, пасля атрымання грошай малады чалавек знік.
Яго затрымалі па месцы жыхарства сваёй знаёмай. У размове з міліцыянтамі мужчына патлумачыў, што грашовыя сродкі ён патраціў на пагашэнне даўгоў і на асабістыя патрэбы. Зараз нанесены урон па згаданых фактах кампенсаваны. Следчымі органамі распачата крымінальная справа за махлярства.
Чытайце таксама:
Ранее судимый за мошенничество житель Столинского района снова взялся за старое