У паўднёва-заходнім рэгіёне Беларусі зафіксаваны першыя выпадкі ўзгаранняў у лясным фондзе. Не выключана, што ў некаторых лясгасах адбыліся падпалы і становішча выглядае напружаным.

Читайте "Першы" в:

Вясна толькі прыйшла, а ў лясах Брэсцкай вобласці ўжо пачаліся пажары. Гэты факт падцвердзіў галоўны ляснічы Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Мацюшэўскі. Ён адзначыў, што з 9 сакавіка 2024 года ў рэгіёне зафіксавана шэсць выпадкаў узгаранняў.

Менавіта 9 сакавіка здарыўся першы сёлета лясны пажар. На тэрыторыі Івацэвіцкага вопытнага лясгаса знайшлі два ачагі — гарэлі спроўскія балоты ў Бярозаўскім раёне.

10 сакавіка работнікі Ганцавіцкага лясгаса выязджалі на тушэнне пажараў у Раздзялавіцкім лясніцтве. Там тры ачагі былі ў адным і тым жа квартале. На месца здарэння выклікалі следча-аператыўную групу, бо ёсць верагоднасць, што гэта былі падпалы.

У Столінскім лясгасе 11 сакавіка тушылі ўзгаранне на балоце ў раёне вёскі Стахава. Тэрмаўспышку спецыялісты заўважылі ўначы (у 3.34), а ў 6.50 пажар быў патушаны. У цэлым агонь прайшоў па плошчы 2,3 га.

«Абстаноўка напружаная. У асноўным пажары адбываюцца ў балоцістай мясцовасці. Непасрэдна ў лясах яшчэ сыра. Маніторым сітуацыю”, — адзначыў Аляксандр Мацюшэўскі ў каментары ля БЕЛТА.

Паводле яго словаў, да 15 сакавіка правядуць агляды гатоўнасці сіл і сродкаў пажаратушэння, вучэбна-трэніровачныя выезды лесапажарных каманд. Таксама арганізуюць абласны семінар, які пройдзе да 1 красавіка на базе Столінскага лясгаса. А яшчэ запланаваны вучэнні, спаборніцтвы лесапажарных каманд з разгортваннем тэхнікі.

У Брэсцкай вобласці функцыянуюць 58 пажарна-хімічных станцый першага тыпу, 16 — другога тыпу. Таксама ёсць 65 пунктаў супрацьпажарнага інвентару. У Брэсцкім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні сцвярджаюць, што яны ўкамплектаваны пажарнай тэхнікай і неабходным абсталяваннем.

Акрамя таго, устаноўлена сістэма дыстанцыйнага аўтаматызаванага назірання за лясным фондам «Лясны вартавы». Гэта дазваляе сачыць за абстаноўкай у лясах з дапамогай відэакамер. У дадатак да гэтага да 15 сакавіка будзе абсталяваны абласны аператыўны пункт кіравання. Ён зоймецца маніторынгам сітуацыі ў лясным фондзе.

Як дадалі ў Брэсцкім абласным упраўленні МНС, з пачатку 2024 года ў рэгіёне адбылося 59 выпадкаў гарэння травы і кустоў. Агульная плошча пажараў склала больш як 7 га. Для параўнання: за такі перыяд мінулага года было 12 пажараў на плошчы амаль 2 га.

Чытайце таксама:

Які штраф пагражае за парушэнні падчас адпачынку на прыродзе ў Беларусі