Стала вядома, калі ў 2024 годзе пройдуць выпускныя вечарыны ў школах Беларусі. Як паведаміў журналістам міністр адукацыі Андрэй Іванец, адбудзецца гэта 14 чэрвеня. Да гэтага часу ўжо будуць вядомы вынікі ЦЭ і уручаны сертыфікаты.
Адпаведна будуць падведзены вынікі па тых двух прадметах, па якіх выніковая ацэнка ідзе ў атэстат. Яна будзе ў выглядзе сярэдняга арыфметычнага паміж гадавой ацэнкай і той, што атрымана на ЦЭ. Таму ў гэтым ніякіх зменаў у параўнанні з мінулым годам няма.
Школьнікам, якія здалі ЦЭ ў асноўныя дні, сертыфікаты з вынікамі цэнтралізаванага іспыту будуць выдадзены не пазней за 12 каляндарных дзён пасля яго завяршэння. Хто здае цэнтралізаваны іспыт не ў асноўныя тэрміны атрымаюць вынікі на працягу 7 каляндарных дзён. Гэта значыць у больш сціслыя тэрміны, бо такіх абітурыентаў звычайна вельмі мала. Таму тэрміны праверкі істотна скарочаны.
Як і абяцала Міністэрства адукацыі, скан-копію бланка ЦЭ кожны выпускнік зможа ўбачыць у асабістым кабінеце. “Удзельнік экзамену, маючы нумар бланка, ключ ад свайго кабінета, зможа сам сябе пераправерыць з пункту гледжання правільнасці або няправільнасці адказу на тыя ці іншыя пытанні”, — дадаў Андрэй Іванец.
Выпускныя іспыты ў выглядзе цэнтралізаванага іспыту для 11-класнікаў пройдуць 27 траўня (па прадмеце на выбар). Другі іспыт прызначаны на 30 траўня (па рускай ці беларускай мове). Запасныя дні прызначаны на 21 і 23 чэрвеня. Яны для тых, хто па нейкіх прычынах не зможа прыняць удзел у ЦЭ ва ўстаноўленыя тэрміны.
Акрамя таго, прадугледжаны яшчэ і трэція тэрміны здачы ЦЭ. Гэта для тых, хто другі раз не зможа патрапіць на іспыт. Яго можна будзе здаць 19 і 21 жніўня.