Насельніцтва Беларусі працягвае скарачацца. На 1 студзеня 2024 году ў краіне налічылі 9 155 978 чалавек. Такія звесткі публікуе Белстат. У параўнанні з 1 студзеня 2023 году колькасць жыхароў скарацілася на 44 639 чалавек.
Калі ўзгадаць дадзеныя на пачатак 2022 года, тады насельніцтва Беларусі было больш на 99,5 тысячы чалавек. У параўнанні з пачаткам 2020 года цяпершняя лічба зменшылася на 254,3 тысячы чалавек.
Гарадское насельніцтва на 1 студзеня 2024 году склала 7 918 285 чалавек. За год яно скарацілася на 14,1 тысячы. Жыхароў вёсак стала менш на 30,5 тысячы (1 мільён 988 тысяч чалавек).
Насельніцтва скарачаецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, аднак больш за ўсё — у Віцебскай вобласці. Там колькасць людзей за год паменшылася больш чым на 10 тысяч чалавек. Менш за іншых скарацілася насельніцтва ў Мінскай вобласці (на 1732 чалавекі).
У беларускай сталіцы на 1 студзеня 2024 года пражывалі 1 992 862 чалавекі. Гэта на 2 609 чалавек менш, чым у пачатку мінулага года. Звесткі аб колькасці насельніцтва Белстат прыводзіць рэгулярна, узгадваючы тых, хто пражывае ў краіне не менш за год.
Насельніцтва Беларусі скарачаецца з 1994 года. Выключэннем былі толькі 2015 і 2016 гады. Рэкорднае падзенне насельніцтва было зафіксавана ў 2021 годзе — 94 тысячы чалавек. Яно можа быць звязана з ахвярамі каранавірусу, але інфармацыю пра смертнасць у Беларусі зараз хаваюць.