На ранейшых таргах гэтая маёмасць не выклікала цікавасці ў патэнцыяльных пакупнікоў. Аднак пасля таго, як цана лота была зніжана на 80%, на набыццё былой фабрыкі пачалі прэтэндаваць тры кампаніі. У выніку кошт аб’екту выра амаль у тры разы.

Читайте "Першы" в:

Былую фабрыку сувеніраў у Брэсце прадалі на аўкцыёне 19 сакавіка 2024 года. Пра гэта паведамілі ў камітэце “Брэстаблмаёмасць”, які быў арганізатарам таргоў.

На аукцыён выставілі комплекс вытворчых будынкаў і збудаванняў былой фабрыкі сувеніраў “Славянка”. Ён знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы ў Брэсце і даўно чакаў новага гаспадара.

Першая спроба прадаць нерухомасць агульнай плошчай 7670 квадратных метраў была ў снежні 2023 года. Але таргі не адбыліся з-за адсутнасці попыту ад магчымых удзельнікаў. Іх палохала цана – 2,6 мільёна рублёў (альбо $835 тысяч па курсу). Сёлета ў лютым таксама не здолелі  прадаць лот з паніжэннем кошту на 50%,

У выніку 19 сакавіка цана аб’екта знізілася ўжо на 80%. У эквіваленце яна складала больш за $206 тысяч і выклікала цікавасць у трох удзельнікаў.

“Падчас таргоў, якія працягваліся каля гадзіны, удзельнікамі было зроблена 38 ставак. У выніку кошт вырас амаль у тры разы і склаў каля 1,924 мільёна рублёў ($595 тысяч па курсу)”, — распавялі падрабязнасці ў камітэце “Брэстаблмаёмасць”.

Паведамляецца, што нерухомасць набыла кампанія з Брэста, што займаецца продажам будаўнічых матэрыялаў. У новага гаспадара будзе комплекс з 18 будынкаў і збудаванняў, а таксама рухомая маёмасць. Для абслугоўвання аб’ектаў прадастаўлены зямельны ўчастак плошчай больш за 1,3 га.

У камітэце “Брэстаблмаёмасць” таксама адзначылі, што здолелі прадаць гараж у Ганцавічах. За гэты лот змагаліся два ўдзельнікі, а цана вырасла больш чым у два разы. Пераможца набыў гараж за 33,2 тысячы рублёў.

Акрамя таго, у Брэсцкім раёне быў прададзены будынак помпавай станцыі “Ямна” ў аднайменнай вёсцы. Гэты аб’ект спадабаўся чатыром удзельнікам, а выніковая цана — 114,3 тысячы рублёў. Кошт лота павялічыўся ў 1,7 разы.

Таксама на таргі выставілі нежылы будынак у вёсцы Масевічы Маларыцкага раёна. За яго спаборнічалі два ўдзельнікі, а кошт вырас у 75 разоў. Пераможца набыў лот за 3 тысячы рублёў. Яшчэ пяць аб’ектаў у Брэсцкай вобласці былі выстаўлены за адну базавую велічыню (40 рублёў). Паколькі на кожны з іх меўся адзін прэтэндэнт, лоты прададзены па пачатковым кошце, павялічаным на 5%.