Больш за 2 тысячы гектараў маладых лясоў плануюць высадзіць у Брэсцкай вобласці. Як паведамілі ў Брэсцкім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні, першымі ўключыліся Пінскі і Кобрынскі вопытны лясгасы.
“Усе нашы лясгасы пачалі лесааднаўленне. Усяго па вобласці план 2063 гектараў, ужо за гэты час пасадзілі практычна 280 гектараў лясных культур», — распавяла БЕЛТА вядучы інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Таццяна Дзяцук.
Маладыя дрэўцы высаджваюць на розных участках. У прыватнасці, лесааднаўленне ладзяць на тэрыторыях, якія ў 2023 годзе пацярпелі ад бураломаў і снегаломаў. Таксама новыя дрэвы з’явіліся пасля правядзення суцэльных санітарных высечак і высечак галоўнага карыстання.
Для пасадак выкарыстоўваюць адмысловую прыладу. Некаторыя лясгасы Брэсцкай вобласці для паскарэння работ плануюць прымяніць і механізаваны спосаб.
“Пакуль вільгаці хапае. Стараемся ў максімальна кароткія тэрміны выканаць лесакультурныя работы. Цяпер самыя спрыяльныя ўмовы для пасадкі, каб дрэўцы прыжыліся”, — растлумачыла Таццяна Дзяцук.
Лесаводам у гэтай працы дапамагаюць валанцёры, школьныя лясніцтвы. Увогуле плануецца высадзіць каля 12 мільёнаў саджанцаў і сеянцаў. З іх прыкладна чвэрць сеянцаў будуць з закрытай каранёвай сістэмай. Дарэчы, у вобласці паступова павялічваюць аб’ёмы такога пасадачнага матэрыялу. Робіцца гэта, у тым ліку, за кошт рэканструкцыі лесанасеннага комплексу ў Івацэвічах.
“Праект распрацаваны і адпраўлены на экспертызу. Папярэдне, плануем па меры паступлення сродкаў пачаць будаўніцтва ў гэтым годзе. Практычна ў два разы павялічым магутнасці”, — адзначыў галоўны ляснічы Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Мацюшэўскі.
Паводле яго словаў, праектная магутнасць комплексу была на 2350 сеянцаў у год (гэта дзве ратацыі). Але ў лесагаспадарчым аб’яднанні здолелі аптымізавацца, напрацаваць тэхналогію і высейваць тры ратацыі.
У 2023 годзе было вырашчана 3,1 тысячы стандартнага пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Калі абноўлены комплекс увядуць у эксплуатацыю, там разлічваюць атрымліваць каля 6 мільёнаў сеянцоў з закрытай каранёвай сістэмай.
Для лесааднаўлення ў Брэсцкай вобласці пераважна выкарыстоўваюць хвою, бярозу і дуб. А вось ад елкі паступова адмаўляюцца: замест яе некаторыя лясгасы спрабуюць уводзіць лістоўніцу.