Раніцай 26 лютага 2024 года ў чатах дальнабошчыкаў з’явіліся пытанні, ці не перакрытая мяжа, ці ёсць забастоўка? Людзі стаяць суткамі ў чарзе фур, таму натуральна яны перажывалі, ці не давядзецца стаяць яшчэ больш з-за абвешчанага страйку з перакрыццём мяжы.
Перакрыць мяжу быццам бы гразіліся ў 6 гадзін ранку. У 7.19 па польскім часе (з беларускім розніца -2 гадзіны) дальнабойшчыкі паведамілі, што страйку на мяжы няма.
“Можа пранясе”, — напісаў адзін з удзельнікаў чата дальнабойшчыкаў.
Карэспандэнт інтэрнет-рэсурса “Першы” патэлефанаваў наўпрост у мясцовую адміністрацыю горада Тэрэспаль ў Польшчы і спытаў, ці чакаць дальнабойшчыкам страйку. На 12 гадзін па беларускім часе ў адміністрацыі горада Тэрэспаль адказалі, што на 26 лютага ніякага пратэсту на мяжы не будзе.
“На сёняшні дзень няма ніякіх заяў на правядзенне страйка. А што будзе заўтра — невядома”, – адказала па тэлефоне супрацоўніца адміністрацыі Тэрэспаля.
Яна патлумачыла, што блакіравання беларуска-польскай мяжы зараз няма, як і няма заяўкі на правядзенне страйку. Аднак, польская паліцыя падрыхтавалася да магчымай блакады дарогі. Для забеспячэння парадку зранку як мінімум 8 паліцэйскіх экіпажаў дзяжурылі каля прапускнога пункта (на загалоўным фота).
Напярэдадні “Першы” пацікавіўся ў польскага супрацоўніка лагістычнай кампаніі, наколькі гэта можа быць актуальна. Аднак ён назваў гэта “стрэлам у нагу”, маўляў, такі пратэст проста нявыгадны перавозчыкам. Іншыя выказвалі думку, што пратэстуючыя фермеры ў Польшчы падбухторваюць да пратэсту і прадстаўнікоў транспартнай галіны. Аднак на сярэдзіну дня 26 лютага відавочна, што перавозчыкі на пратэст не выйшлі.