Мужчына прыставіў нож да шыі пасажыркі ў цягніку ў Брэсцкай вобласці. Гэты выпадак з’явіўся падставай для крымінальнай справы ў дачыненні да 32-гадовага жыхара Іванаўскага раёна. Ён абвінавачваўся ў асабліва злосным хуліганстве.
Як высветлілася падчас судовага следства, нецвярозы мужчына знаходзіўся ў вагоне дызель-цягніка. Калі цягнік рухаўся паблізу чыгуначнай станцыі “Янаў-Палескі” абвінавачаны пачаў нецэнзурна лаяцца. Акрамя таго, ён з надуманай нагоды агрэсіўна паводзіў у дачыненні да дзвюх 19-гадовых дзяўчат.
Падчас інцыдэнту мужчына прадэманстраваў складаны нож і прыставіў яго да шыі адной з пасажырак цягніка. Супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага спынілі супрацоўнікі органаў унутраных спраў.
У судовым паседжанні абвінавачаны віну прызнаў цалкам. Ён патлумачыў, што падзеі таго дня памятае дрэнна, бо быў вельмі п’яны. Мужчыне вынеслі пакаранне на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса. Суд пазбавіў яго волі тэрмінам на 3 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У выніку была зменена мера стрымання на заключэнне пад варту.
Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 107 Крымінальнага кодэкса мужчына атрымаў прымусовыя меры бяспекі. Яго будуць лячыць ад хранічнага алкагалізму і таксікаманіі па месцы адбыцця пакарання.
Прысуд у законную сілу не ўступіў: ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.