Ці будзе абавязковае чыпіраванне катоў і сабак у Беларусі? Здаецца, пакуль не, бо законапраект аб адказным абыходжанні з жывёламі вырашылі змяніць. Папраўкі мяркуецца зрабіць да другога чытання праекта ў беларускім парламенце.
Паводле словаў дэпутата Марыі Васілевіч, “цяпер мяркуецца не абавязак, а права ўладальнікаў жывёл на чыпіраванне”. Але для заводчыкаў і гадавальнікаў чыпіраванне ўсё ж будзе абавязковым. Як чакаецца, праз год беларускі ўрад распрацуе канкрэтны парадак гэтай працэдуры.
У першапачатковым варыянце законапраект прадугледжваў абавязковае чыпіраванне катоў і сабак. Зрабіць гэта планавалася на працягу 14 дзён з дня іх набыцця. Але гэта не распаўсюджвалася на зарэгістраваных гадаванцаў, якія з’явіліся ў гаспадара да прыняцця дакумента.
У выпадку, калі сабака ці котка не былі зарэгістраваны, іх трэба будзе абавязкова зарэгістраваць. Зрабіць гэта трэба на працягу трох гадоў пасля ўступлення закона ў сілу.
Дэпутат не выключыла, што ў будучыні абавязковае чыпіраванне могуць пашырыць на ўсіх хатніх сабак і катоў. Але зараз, мяркуе Марыя Васілевіч, рабіць гэта заўчасна.
“Аб’ектыўна складана рэалізацыя ў сельскай мясцовасці. Даволі важкая нагрузка для некаторых катэгорый у частцы фінансаў”, — сказала Марыя Васілевіч.
Яна дадала, што ў праекце дакумента ёсць і іншыя навацыі. Напрыклад, да 18 гадоў грамадзяне не змогуць набываць жывёл без дазволу бацькоў.
Пра планы прыняць такі закон у Беларусі ўпершыню стала вядома ў 2011 годзе. Дэпутаты нават разглядалі дакумент у першым чытанні, але пазней ён быў адкліканы. Тады паведамлялася, што “да некаторых нормаў наша грамадства пакуль не гатовае”.
У 2019 годзе гэту тэму пачалі абмяркоўваць зноў. У Палату прадстаўнікоў праект прадставілі ў пачатку кастрычніка 2023 года. Праз месяц яго прынялі ў першым чытанні.